Першы пацыент з чыпам Neuralink у мозгу гуляў у шахматы анлайн сілай думкі — відэа
-->
Читать по-русски


Нейратэхналагічная кампанія амерыканскага бізнесоўца Ілана Маска Neuralink паказала, як першы пацыент з ужыўленым у мозг чыпам сілай думкі гуляе ў шахматы.

Першы пацыент з чыпам у мозгу — 29-гадовы Нолан Арба. Мужчыну каля васьмі гадоў таму ў выніку няшчаснага выпадку паралізавала ніжэй за плечы. Чып яму імплантавалі ў канцы студзеня 2024 года. Арба расказаў, што аперацыя прайшла суперпроста, яго выпісалі з бальніцы ўжо на наступны дзень.

На запісе відаць, як Арба гуляе ў шахматы на ноўтбуку, перамяшчаючы курсор сілай думкі з дапамогай прылады Neuralink. Ён кажа, што такім самым чынам гуляе і ў іншыя камп’ютарныя гульні. Паводле яго, чып не ідэальны, але яго ўстаноўка ўжо змяніла яго жыццё.

«Ён не ідэальны, я б сказаў, што мы сутыкнуліся з пэўнымі праблемамі. Я не хачу, каб людзі думалі, што гэта канец дарогі, наперадзе яшчэ шмат працы», — адзначыў мужчына.

Нагадаем, у сакавіку 2023 года Праўленне па санітарным наглядзе за якасцю харчовых прадуктаў і медыкаментаў (FDA) забараніла кампаніі Neuralink праводзіць тэсты інвазіўнага інтэрфейсу на людзях, аднак ужо ў траўні памяняла сваё рашэнне.

У верасні Neuralink абвясціла пра набор добраахвотнікаў для эксперыментаў з нейракамп’ютарным інтэрфейсам (BCI). Кампанія ставіла сваёй мэтай злучыць мозг чалавека з камп’ютарам і для праверкі сваіх новых тэхналогій запрашала людзей, якія пакутуюць на параліч. А канцы студзеня 2024 года стала вядома, што першы чып быў ужыўлены ў мозг чалавека.

Паводле задумы даследчыкаў, ужыўлены ў мозг імплантат зможа перадаваць яго нервовыя імпульсы, якія будуць расшыфроўвацца, і паралізаваны чалавек зможа, да прыкладу, друкаваць на камп’ютары адной толькі сілай думкі.