Опубликовано 27 снежня 2023 у 10.05
Адрес в интернете: https://br0wse-zerkalo.online/news/economics/57263.html    

Мінск зноў агрызнуўся на «недружалюбныя» краіны

Урад яшчэ на год падоўжыў эмбарга на прадукты з так званых недружалюбных краін. Адпаведная пастанова апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: TUT.BY

Урад падоўжыў дзеянне асноўных пунктаў пастановы № 700 «Пра прымяненне спецыяльных мер у дачыненні да асобных відаў тавараў» да 31 снежня 2024 года.

У новым дакуменце ёсць яблыкі, якія ўвозяцца ў краіну з 1 красавіка да 30 чэрвеня. То-бок імпарт заходніх яблыкаў у гэты перыяд не будзе забаронены. Таксама ў дакуменце пакінулі выключэнне для яблыкаў, што ўвозяцца з 1 да 31 ліпеня. Значыць, забарона на імпарт яблыкаў не будзе дзейнічаць з 1 красавіка да 31 ліпеня. Нагадаем, яблыкі трапілі пад контрсанкцыі летам 2023 года.

Акрамя таго, забарона на продаж «недружалюбных» прадуктаў не будзе распаўсюджвацца на тавары, якія былі затрыманыя мытнымі органамі і не запатрабаваныя ў тэрміны, вызначаныя Мытным кодэксам ЕАЭС.

Нагадаем, у пачатку мінулага года беларускія ўлады ўвялі харчовае эмбарга як адказ на «дыскрымінацыйную палітыку і ажыццяўленне недружалюбных дзеянняў». З таго часу абмежаванні неаднаразова падаўжалі. Гэта азначае, што такую прадукцыю, выпушчаную ў краінах, якія прызнаныя «недружалюбнымі», забаронена ўвозіць у Беларусь.

Разам з тым, нягледзячы на забарону ўвозіць цэлы спіс прадуктаў з «недружалюбных» краін, імпартаваць іх можна (як бы дзіўна гэта ні гучала), але толькі па спецыяльных квотах, выдадзеных дзяржорганамі. У выпадку з шакаладам такія квоты выдае Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. То-бок гэтая структура вырашае, хто і ў якіх колькасцях будзе ўвозіць у нашую краіну такія прадукты.

«Зеркало»


Распечатано с портала ZERKALO.IO