«Вы доўгія гады прадстаўлялі Беларусь у Ватыкане». Каталікі папрасілі кіраўніка МЗС дапамагчы з адкрыццём Чырвонага касцёла
Читать по-русски


Прадстаўнікі Касцельнага камітэта парафіі святога Сымона і святой Алены звярнуліся да кіраўніка МЗС Сяргея Алейніка з просьбай паспрыяць найхутчэйшаму аднаўленню працы Чырвонага касцёла ў Мінску.

Владислав Завальнюк молится перед закрытым костелом, 11 октября. Фото: facebook.com/Viktar.Vedzen
Уладзіслаў Завальнюк моліцца перад закрытым касцёлам, 11 кастрычніка. Фота: facebook.com/Viktar.Vedzen

«Пасля ўзгарання наш касцёл зачынены і апячатаны. Гэта боль у нашых сэрцах… Ужо чацвёрты месяц вернікі-парафіяне, а іх у прыходзе больш за дзесяць тысяч, пазбаўленыя свайго храма, а дзеці — магчымасці наведваць нядзельную школу. Як вам вядома са СМІ, узгаранне адбылося ў прыбудове (канцылярыі) і закранула ўсяго толькі плошчу ў 20 м2.

З нагоды прычыны інцыдэнту — узгарання — супярэчлівая інфармацыя», — гаворыцца ў звароце да Алейніка.

«Вы доўгія гады прадстаўлялі Беларусь у Ватыкане і як ніхто іншы ведаеце духоўна-міратворчую скіраванасць дзейнасці Апостальскай сталіцы, якая ажыццяўляецца ва ўсіх храмах свету, так і ў касцёле святога Сымона і святой Алены, які вы і самі наведвалі», — дадалі каталікі.

Парафіяне папрасілі Алейніка пасадзейнічаць у межах магчымасцяў, каб касцёл як мага хутчэй адкрыўся.

Што здарылася з Чырвоным касцёлам

Нагадаем, 26 верасня ў касцёле пры нявысветленых абставінах здарыўся невялікі пажар, пасля якога раённая адміністрацыя забараніла эксплуатацыю будынка, усярэдзіну перасталі пускаць вернікаў і святароў.

Раніцай 6 кастрычніка стала вядома, што ўлады прынялі рашэнне разарваць пагадненне з суполкай парафіі святых Сымона і Алены аб бязвыплатным карыстанні будынкам Чырвонага касцёла. Сам будынак знаходзіцца ва ўласнасці горада Мінска.

Пазней улады заявілі, што будынак забралі для правядзення рамонту. Аднак пра намер вярнуць каталікам касцёл пасля рамонту нічога сказана не было.

Каталіцкая супольнасць накіравала Лукашэнку адкрыты ліст з просьбай дапусціць упаўнаважаных прадстаўнікоў парафіі да агляду пашкоджаных пажарам збудаванняў Чырвонага касцёла ў Мінску. Парафіяне таксама заявілі, што пажар у храме быў невыпадковым, і накіравалі ў Следчы камітэт запыт аб атрыманні інфармацыі па выніках праведзеных следчых дзеянняў.

У Мінгарвыканкаме вернікам паабяцалі вылучыць памяшканне для малітваў і захоўвання маёмасці на час рамонту ў касцёле. А вось на просьбу дазволіць праводзіць набажэнствы ў галоўнай зале, зашклёнай галерэі або ўнутраным дворыку касцёла ўлады адказалі адмовай.

Ксёндз-канонік Уладзіслаў Завальнюк цяпер працуе дворнікам пры касцёле святых Сымона і Алены, дзе ён да закрыцця служыў пробашчам.

Сама ж парафія Чырвонага касцёла часова перамясцілася ў кафедральны касцёл Панны Марыі на плошчы Свабоды ў Мінску.