Якое пытанне вы б задалі Лукашэнку і чыноўнікам, калі б ведалі, што вам за гэта нічога не будзе? Вось што сказалі чытачы «Люстэрка»
-->
Читать по-русски


Беларусы часта кажуць, што атрымліваюць ад чыноўнікаў адпіскі, калі агучваюць ім свае праблемы, — і гэта яшчэ ўдалы вынік. Бывае, што людзей, якія яшчэ толькі хочуць звярнуцца да ўладаў, кідаюць за краты. Адбываецца гэта нават з фанатамі Аляксандра Лукашэнкі, калі яны пераходзяць нейкую не вельмі відавочную рысу ў сваёй камунікацыі з дзяржавай. Перад Новым годам «Люстэрка» прапанавала беларусам уявіць, што ім нічога не будзе, калі яны агучаць любыя пытанні, прэтэнзіі і праблемы, якія б хацелі абмеркаваць з чыноўнікамі. Вось што з гэтага выйшла.

Снимок носит иллюстративный характер. Фото: TUT.BY
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: TUT.BY

Імёны некаторых суразмоўцаў змененыя з меркаванняў бяспекі.

Таццяна, 49 гадоў, Мінск

Пытанне да Лукашэнкі ў мяне такое: чаму, калі на выбарах вас падтрымала 80%, у краіне столькі экстрэмістаў і вось ужо тры гады кожны дзень затрымліваюць і саджаюць людзей?

У МУС я б спытала, чаму, калі няма палітвязняў, у турмах людзі, асуджаныя па пэўных артыкулах, пастаянна дыскрэдытуюцца і караюцца больш, чым звычайныя зняволеныя?

А ў чыноўнікаў з Міністэрства адукацыі — чаму замест урокаў і заняткаў навучэнцы ходзяць на спартыўныя матчы, парады і гэтак далей? Фактычна зрываецца навучальны працэс.

Вольга, 50 гадоў, Мінская вобласць

Я б задала пытанне міністру аховы здароўя Піневічу: чаму няма закупкі лекаў для анкахворых? Мы паміраем, а ў вас па справаздачах усё выдатна.

Я сама хварэю. У мяне другі раз выявілі рак грудзей. Ведаю, што ў маім выпадку ёсць лекі і іх атрымліваюць у Расіі, Украіне — ды ўсюды. А ў нас яны проста не закупляюцца. Прэпараты для хіміятэрапіі мне даводзіцца купляць самой. Як мне калісьці на кансіліуме сказала жонка чыноўніка: «Лекаў няма. Вы думаеце, для вас хтосьці іх будзе закупляць?» Пры гэтым з усмешачкай, калыхаючы нагой у туфліку. Тут я зразумела: гэта канец, гэта смерць.

Я ўжо пісала звароты ўладам — усё дарэмна. Маё жыццё — гэта пекла. У прамым сэнсе. Я хварэю ўжо шмат гадоў, цягну сябе сама. Я спустошаная. Да таго ж дактары не хочуць бачыць свае памылкі ў лячэнні. Я два гады даказвала ім, што ў мяне метастаз у лімфавузле, і толькі інтэрн звярнула ўвагу на мяне і мае словы. За гэты час метастаз пайшоў далей, у іншыя лімфавузлы.

Стаўленне да пацыентаў ніякае, працаваць няма каму. На прыёме сядзяць дактары, якіх забралі з маленькіх гарадоў, я сутыкалася з непрафесіяналамі і грубіянамі. Нядаўна праходзіла КТ (боль у шыі нясцерпны) — расшыфравалі: дэструктыўных змяненняў няма. Я пайшла на МРТ за свой кошт — знайшлі ачаг. Мне ўжо здаецца, што дыскі ў анкалогіі расшыфроўваюць санітаркі. Я да іх прыйшла з першай стадыяй раку, а цяпер у мяне чацвёртая. Аперацыі калісьці чакала амаль два месяцы, а хто плаціць, кладзецца амаль адразу. Што тут казаць — пенсія 530 рублёў, праезд да Бараўлянаў туды і назад абыходзіцца ў 25, яшчэ квартплата, мізэрная ежа. Гэта страшна, пастаянна ные сэрца. Стараюся не панікаваць, баюся сарвацца. Бясконцы круг сансары. Жах, боль, страх.

Мікіта, 27 гадоў, Мінск

Аляксандр Лукашэнка, многія краіны адмовіліся з намі працаваць праз вашыя дзеянні. Пацярпелі многія галіны, страты мільярдныя. Відавочны непрафесіяналізм. Хто за гэта адказаў? Колькі заведзена крымінальных справаў?

А таксама ў мяне пытанне да генпракурора. На дзяржТБ і ў прапагандыстаў дэманструюць прыватныя размовы з адвакатам. Гэта законна? Адвакацкай таямніцы ўжо не існуе?

Павел, 35 гадоў, Вілейка

У мяне пытанне да федэрацыі хакея і «галоўнага» хакеіста. У гэты від спорту ўкладаюць мільёны з нашых падаткаў. Цяпер зборная не гуляе (каманда не выступала на ЧС-2022 і ЧС-2023, але праводзіць матчы з супернікамі з «сяброўскіх краін» і, напрыклад, летам выйграла турнір у Астане. — Заўв. рэд.). Нам, людзям, не цікавыя прычыны: санкцыі ці нешта іншае — у любым выпадку гэта вынік дзеянняў чыноўнікаў. У мінулыя гады выступленне таксама было правальным — прайгралі Вялікабрытаніі. Хто за гэта адкажа? Колькі людзей сышло добраахвотна за правалы? За растрату бюджэтных сродкаў завялі крымінальныя справы?

Сяргей, 43 гады, Мінск

Я прыйшоў з пытаннямі да некалькіх людзей. Да беларускіх пракурораў — чаму прапагандыстаў не караюць за абразы, распальванне нянавісці альбо варожасці да іншых груп, нацыянальнасцяў і гэтак далей? А людзям за лайк даюць рэальныя тэрміны.

У Лукашэнкі (я лічу яго былым прэзідэнтам), генпракурора і ГУБАЗіКа я б спытаў, чаму сем'і ягоных сыноў лётаюць на адпачынак за мяжу на прыватных рэйсах, якія належаць камерцыйным структурам (пра пералёты сем’яў сыноў Лукашэнкі Дзмітрыя і Віктара расказваў «Альянс расследавальнікаў Беларусі». — Заўв. рэд.). Яны аплачвалі гэтыя рэйсы? Калі так, адкуль у іх такія сумы? Калі не аплачвалі, то за якія паслугі камерцыйныя структуры гэта арганізавалі? Ці няма тут карупцыі?

І, нарэшце, пытанне ўсім чыноўнікам: вам не сорамна выконваць прыхаваныя даручэнні Бондаравай (паводле іх жа класіфікацыі яе можна назваць «дармаедкай»)? Трэба ж мець хоць трохі гонару. Сорам.

Алег, 43 гады, Гданьск

Маё галоўнае пытанне да беларускіх уладаў — чаму не арыштаваныя Эйсмант, Балаба, Баскаў і брыгада САХРаа за забойства Бандарэнкі? Калі закон у Беларусі працуе, усе гэтыя людзі павінныя быць строга пакараныя.

Інфармацыю, якую ўдалося здабыць незалежным журналістам і былым сілавікам па справе Бандарэнкі, можна пачытаць тут і тут.

Мікалай, 42 гады, Кракаў

Я хацеў бы спытаць у Лукашэнкі, хто самы важны чалавек у ягоным жыцці. Мяркую, што ён адказаў бы, што гэта яго цешча, ці мама, ці Коля. Сумняваюся, што сказаў бы, што гэта ён сам. Але як даведацца праўду?

Аляксандр, 37 гадоў, Баранавічы

Мне цікава даведацца, калі звальняюць за тое, што «засвяціўся» ў 2020 годзе, потым адстаюць? Ці працягваюць прэсаваць і ўсё ж даюць 15 сутак? Ці ўвогуле рабяць проста як у галаву прыйдзе? Ведаеце, трапіў пад раздачу і я. У мяне была падпрацоўка ў адной бюджэтнай арганізацыі, і сёння мне сказалі, што трэба падпісаць заяву па ўласным жаданні. Прыйшла разнарадка на мяне і іншых работнікаў, прычым для іх гэта асноўная праца.

Алена, 50 гадоў, Мінская вобласць

Я б спытала спадара міністра адукацыі, навошта дзецям-дашкольнікам спяваць гімн кожны тыдзень. Чаму беларускамоўныя садкі пішуць дакументацыю па-руску? Навошта нам раённыя адзелы адукацыі? Яны нічога добрага не робяць, а толькі кіруюць спецыялістамі і перашкаджаюць працаваць педагогам. Ацэнка ім мая — люстрацыя. Бо такім чыноўнікам нельга выхоўваць дзяцей — яны робяць гэта дзеля адзінага чалавека, хлусяць у вочы і вучаць іх саміх хлусіць з дзяцінства.

Аляксандр, 27 гадоў, Віцебск

Я б прасіў чыноўнікаў дапамагчы знайсці добрую працу інвалідам-вазочнікам і дапамагчы пабудаваць сваё жыллё. Я сам на вазку, у мяне вышэйшая адукацыя, але атрымліваю ад наймальнікаў толькі адпіскі, што месцы занятыя. Але тут жа зразумела: ім такія супрацоўнікі не патрэбныя. Я хацеў уладкавацца ва ўстанову адукацыі — патэлефанавалі з аддзела кадраў: «А як вы будзеце выкладаць, седзячы на вазку?» Прыводжу ім у прыклад сляпога педагога, які працуе ва ўніверсітэце. Але, мабыць, для іх лепш сляпы, чым вазочнік. І вось ужо хоць ты дзяжур пад рэзідэнцыяй!

У мяне ёсць праграма рэабілітацыі, там няма ніякіх забаронаў на такую працу. Але ў нас жа інваліды — гэта апошнія людзі, такія «карысці дзяржаве не прыносяць». А як яе прынесці, калі ў галаве куча ідэй, але праз вазок цябе нікуды не пускаюць? Так і даводзіцца выжываць на пенсіі па інваліднасці.

Глеб, 38 гадоў, Брэст

Калі б можна было прыйсці да любога чалавека ва ўладзе з пытаннем, я б спытаў Лукашэнку, ці ўсведамляе ён, што пасля яго смерці, як гэта часта бывае, уся яго сям’я будзе ў выгнанні, а сам ён адправіцца на сметнік гісторыі не ў найлепшым выглядзе? У нас ёсць прыклад Сталіна.

Антон, 39 гадоў, Мінск

Добры дзень, Аляксандр Лукашэнка. А ці не маглі б вы зрабіць беларусам падарунак на Новы год? Распусціце «Савет Рэспублікі», «Палату прадстаўнікоў» і ўсе мясцовыя саветы дэпутатаў. Потым дадайце да выбараў, прызначаных на 25 лютага, яшчэ і выбары прэзідэнта. Запрасіце Аб’яднаны пераходны кабінет для кантролю працэсу, а самі едзьце на заслужаны пенсійны адпачынак у Дубай!

Чытайце таксама