Магілёўцу Аляксандру Кулікову дадалі яшчэ паўтара года пазбаўлення волі. Пра гэта паведаміла прэс-служба Генпракуратуры.

Магілёвец з’ехаў з Беларусі ў траўні 2023 года, ратуючыся ад крымінальнага пераследу, але летам вярнуўся, бо яму паабяцалі, што не будуць пазбаўляць волі. 13 ліпеня суд Ленінскага раёна Магілёва прызнаў мужчыну вінаватым у абразе Лукашэнкі і паклёпе на яго. Яго асудзілі на тры гады пазбаўлення волі з накіраваннем у калонію агульнага рэжыму.
Пазней Кулікова абвінавачвалі ў спробе далучыцца палка беларускіх добраахвотнікаў імя Каліноўскага, што ваюе на баку Украіны, і завялі яшчэ адну крымінальную справу па трох артыкулах КК: «Найміцтва», «Удзел у экстрэмісцкім фармаванні», «Праходжанне навучання для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасці».
Суддзя Дзяніс Кічыгін 20 снежня прызначыў палітвязню чатыры гады пазбаўлення волі. Паколькі раней мужчыну ўжо асудзілі на тры гады калоніі, шляхам частковага складання прысудаў Аляксандру канчаткова прызначылі чатыры з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Дзяржабвінаваўца палічыў такое пакаранне занадта «мяккім» і падаў апеляцыю. Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда падтрымала патрабаванне пракурора і прызначыла Аляксандру Кулікову канчатковае пакаранне ў выглядзе шасці гадоў пазбаўлення волі.