Пайшоў з жыцця 32-гадовы Максім Чарняўскі — заснавальнік суполкі «Надакучыў нам гэты Лукашэнка» пачатку 2010-х
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Колішні беларускі апазіцыйны актывіст Максім Чарняўскі пайшоў з жыцця на фоне сямейных праблем. Пра гэта «Нашай Ніве» расказалі яго сябры. Трагедыя адбылася некалькі дзён таму.

Максім Чарняўскі. Фота: сацсеткі
Максім Чарняўскі. Фота: сацсеткі

«Даруй, Божа. Я вельмі люблю маіх дачушак. Ружа і Ліля — вы маё шчасце і мой сэнс жыцця. Я без вас не магу. А яны забіраюць… Прабачце мне. Я вельмі вас люблю і заўсёды буду любіць. Ваш тата. Будзьце крыху дабрэйшымі, калі ласка. Гэтаму свету так не хапае дабрыні…» — напісаў Максім Чарняўскі ўвечары 14 сакавіка, пасля чаго перастаў выходзіць на сувязь.

Чарняўскі стаў вядомы ў 2011 годзе пасля таго, як зліў кадэбэшніка, які спрабаваў яго вербаваць, апублічыўшы аўдыя перамоваў з супрацоўнікам органаў і яго здымак. Пасля гэтага ўчынку Максіму, на той момант студэнту журфака БДУ, адміністратару суполкі «Надакучыў нам гэты Лукашэнка» і стваральніку сайта Gonzo.by, прыйшлося з’ехаць з Беларусі.

Ён пасяліўся ў Польшчы, працягнуў там адукацыю. Чарняўскі расказваў «Нашай Ніве», што нейкі час працаваў мадэратарам у рускамоўным сегменце сацсетак. За мяжой ён таксама перавучыўся на айцішніка і апошнім часам быў уладкаваны ў польскай страхавой кампаніі. Таксама Максім цікавіўся дызайнам чалавека і астралогіяй. Як спікер павінен быў выступаць на чарговым тэматычным фестывалі «Шамана» гэтым летам.

Па словах хлопца, пасля першага няўдалага шлюбу ён адчуў сябе жанчынай і збіраўся змяняць пол. Прайшоў усе псіхалагічныя тэсты, пачаў планаваць аперацыю, аднак перадумаў, калі сустрэўся з будучай другой жонкай. У пары нарадзіліся блізняты.

Калі вы ў Беларусі і адчуваеце сябе псіхалагічна дрэнна, памятайце, што ў краіне кругласуткава працуе рэспубліканская тэлефонная «гарачая лінія» па аказанні псіхалагічнай дапамогі. «Тэлефон даверу» для дарослых: 8 (017) 352-44-44, 8 (017) 304-43-70.

«Тэлефон даверу» для дзяцей і падлеткаў: 8 (017) 263-03-03.

У эміграцыі раім звяртацца ў профільныя арганізацыі па месцы жыхарства. Адзін з варыянтаў — служба «Адно акно».