Дзевяць важных пытанняў пра беларускую мову, адказы на якія варта ведаць кожнаму з нас
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Мы сабралі дзевяць простых, але важных пытанняў пра беларускую мову, адказы на якія важна ведаць кожнаму з нас.

1. Калі з’явілася беларуская мова?

У XIV стагоддзі. Але адасабляцца ад старажытнарускай яна пачала за стагоддзе да гэтага.

Пачнём з таго, што продкі сучасных беларусаў жылі ў Кіеўскай Русі — сярэднявечнай дзяржаве ўсходніх славян, якая з’явілася ў IX стагоддзі на тэрыторыі сучасных Украіны, Беларусі і Расіі, а таксама часткова Польшчы і краін Балтыі.

Пісьмовай мовай у той час выступала царкоўнаславянская, створаная на аснове паўднёвых праславянскіх гаворак (яна дагэтуль выкарыстоўваецца як мова праваслаўных набажэнстваў). У вусных зносінах выкарыстоўваліся шматлікія ўсходнеславянскія дыялекты, якія вылучыліся непасрэдна з праславянскай мовы.

Кіеўская Русь распалася ў XII стагоддзі. У XIII стагоддзі з’явілася Вялікае Княства Літоўскае, якое пазней далучыла да сябе большую частку тэрыторыі сучаснай Украіны.

Акурат у XIII стагоддзі ў тэкстах, знойдзеных на тэрыторыі Беларусі, пачалі з’яўляцца асаблівасці, характэрныя для беларускай мовы — гэта відаць у асноўным з памылак, якія дапускалі ў царкоўнаславянскіх тэкстах мясцовыя перапісчыкі пад уплывам усходнеславянскіх дыялектаў ВКЛ, якімі карысталіся ў паўсядзённым жыцці. А з XIV стагоддзя беларуская фармавалася ўжо як асобная мова.

Сёння той варыянт мовы, які існаваў у XIV-XVIII стагоддзях, навукоўцы называюць «старабеларускай» — хоць, вядома, самі носьбіты называлі яе інакш (да гэтага факта, які стаў прычынай розных спекуляцый, мы яшчэ вернемся ў чацвёртым пытанні). Ужо ў сярэдзіне XIV стагоддзя (за вялікім князем літоўскім Альгердам, які кіраваў у 1345−1377 гадах) старабеларуская атрымала афіцыйны статус як мова справаводства і дзяржаўных дакументаў ВКЛ. Да нашага часу дайшло каля 600 кніг архіва справаводства канцылярыі ВКЛ, напісаных на старабеларускай мове.

Воображаемый портрет великого князя литовского Ольгерда. Гравюра из «Описания Европейской Сарматии», 1578 год. Изображение: wikipedia.org
Уяўны партрэт вялікага князя літоўскага Альгерда. Гравюра з «Апісання Еўрапейскай Сарматыі», 1578 год. Выява: wikipedia.org

2. Хто і дзе карыстаўся беларускай мовай у мінулым?

У XIV стагоддзі яе пісьмовай формай карысталіся жыхары ВКЛ і суседніх дзяржаваў на прасторы ад сучаснай Курскай вобласці Расіі на ўсходзе да Падляшскага ваяводства Польшчы на захадзе і ад Цвярской вобласці Расіі на поўначы да Малдовы на поўдні.

Пісьмовая старабеларуская мова была распаўсюджаная значна шырэй, чым сучасная беларуская. Гэта ж датычыць і гутарковай мовы нашых сярэднявечных продкаў.

Ужо ў канцы XVI стагоддзя арэал пісьмовай старабеларускай мовы ахопліваў усю Беларусь, а таксама значную частку сучасных Украіны, Літвы і Малдовы. Таксама яна была распаўсюджаная ва ўсходніх рэгіёнах цяперашняй Польшчы (на Падляшшы), на паўночным усходзе Румыніі і ў заходніх абласцях сучаснай Расіі — у тым ліку на захадзе Цвярской вобласці, вакол Бранска і Курска.

З ходам часу межы распаўсюджання старабеларускай пісьмовай мовы змяняліся. Так, пасля Люблінскай уніі 1569 года, калі ўкраінскія землі ВКЛ перайшлі да Польшчы, на пісьме пачалі замацоўвацца адрозненні паміж будучымі беларускай і ўкраінскай мовамі. Прыблізна з гэтага моманту тэрміны «старабеларуская мова» і «стараўкраінская мова» перастаюць быць сінонімамі.

А на ўсходзе па меры цэнтралізацыі і пашырэння Маскоўскай дзяржавы на захад паступова «наступала» пісьмовая стараруская мова — старэйшая форма сучаснай рускай.

Рост уплыву Масквы адбіўся і на гутарковай мове. Пераходзячы на маскоўскую форму пісьмовай мовы, жыхары захопленых Вялікім Княствам Маскоўскім памежных рэгіёнаў і ў вусных зносінах паступова змянялі сваю мову, робячы яе больш падобнай да старарускай.

3. Якая сучасная мова самая блізкая да беларускай?

Украінская.

Розніца паміж мовамі, якія маюць агульнае паходжанне, абумоўленая часам іх разыходжання. Чым больш часу прайшло з моманту, калі яны пачалі развівацца самастойна, тым больш у іх назапашваецца адрозненняў.

Белорусы с бело-красно-белыми и украинскими флагами на акции «Марш єдності» в Киеве 12 февраля 2022 года. Фото: facebook.com/aleh.auchynnikau
Беларусы з бел-чырвона-белымі і ўкраінскімі сцягамі на акцыі «Марш єдності» ў Кіеве 12 лютага 2022 года. Фота: facebook.com/aleh.auchynnikau

Пазней за ўсё беларуская мова разышлася менавіта з украінскай. Прыкладна да перыяду Люблінскай уніі 1569 года продкі беларусаў і ўкраінцаў выкарыстоўвалі агульную пісьмовую мову, якую навукоўцы Беларусі называюць старабеларускай, а ўкраінскія філолагі — стараўкраінскай. А вось з рускай мовай шляхі беларускай і ўкраінскай разышліся раней — яшчэ ў XIV стагоддзі.

4. Як нашыя продкі называлі сваю мову?

Руськая, руская або русінская мова.

У прадмове да свайго выдання Бібліі Францыск Скарына тлумачыў, што «положилъ есми на боцех некоторыи слова для людей простых <…> рускимъ языкомъ». Ураджэнец Падляшша, які працаваў у Вільні і многіх беларускіх гарадах Сымон Будны свой «Катэхізіс» 1562 года прызначаў «для простых людей языка руского».

Франциск Скорина. Изображение: wikipedia.org
Францыск Скарына. Выява: wikipedia.org

Сучаснікі-замежнікі выкарыстоўвалі для акрэслення мовы нашых продкаў і іншыя назвы — літоўская мова і, з XVII стагоддзя, беларуская мова. Так, у пачатку XVII стагоддзя ў Маскоўскай дзяржаве пераклалі са старабеларускай на старарускую мову зборнік некананічных тэкстаў «Арыстоцелевы вароты». Гэты твор перакладчык-маскавіт назваў перакладам з «беларасійскага дыялекту» на «славенскую» мову. А на тытульнай старонцы кнігі Кірыла Транквіліёна-Стаўравецкага «Зеркало богословия» сярэдзіны XVII стагоддзя гаварылася, што яна «переписася и переправися <…> с белороссийского языка на истинный словенороссийский язык».

У навуковых працах XIX стагоддзя ўсходнеславянскую афіцыйную мову ВКЛ называлі крывіцкай, рускай, літоўскай, простай, літоўска-рускай, польска-рускай — і беларускай. У наш час часцей за ўсё выкарыстоўваюцца назвы старабеларуская (у Беларусі і Літве), стараўкраінская (ва Украіне) і заходнеруская (у Расіі) мова. Пры гэтым некаторыя навукоўцы выкарыстоўваюць і іншыя абазначэння — напрыклад, руськая. У Польшчы старабеларуская мова носіць назву język ruski, якая адрозніваецца ад польскай назвы сучаснай рускай літаратурнай мовы — język rosyjski.

5. Калі людзі не лічылі сваю мову беларускай, чаму мы называем яе так?

Таму што сучасная беларуская мова развілася са старабеларускай.

Жыхары Вялікага Княства Літоўскага сапраўды не называлі сваю мову беларускай, што служыць глебай для розных спекуляцый. Напрыклад, пра штучнасць беларускай мовы, нібыта створанай толькі ў XIX ці нават у XX стагоддзі.

Сярод навукоўцаў няма сумневу, што мова ўсходнеславянскага насельніцтва ВКЛ і сучасная беларуская — гэта адна і тая ж мова з розніцай у некалькі эпох, за якія яна, як і любая іншая ў свеце, прыкметна змянілася.

Так, французская мова ў сваім развіцці паслядоўна прайшла праз стадыі народнай лаціны, старафранцузскай і сярэднефранцузскай моваў. Відавочна, што носьбіты старафранцузскай мовы, якая з’явілася ў IX стагоддзі, не называлі яе старафранцузскай. Для іх яна заставалася адной з мясцовых формаў вульгарнай лаціны. Не называлі яны яе і французскай — само слова «Францыя» замест Заходне-Франкскага каралеўства стала выкарыстоўвацца толькі з пачатку XII стагоддзя. А франкская мова ў IX стагоддзі — гэта мова племені франкаў, якія захапілі за некалькі стагоддзяў да гэтага рымскую Галію. Яна вельмі моцна адрозніваецца ад французскай і нават адносіцца да іншай групы — германскай, а не раманскай. Тым не менш старафранцузская мова для сапраўдных навукоўцаў безумоўна ёсць ранняй формай французскай — хоць людзі, што гаварылі на ёй, і называлі яе інакш.

6. У якіх мовах ёсць пазычанні з беларускай?

Як мінімум у літоўскай, ідышы, польскай і рускай.

Жыхары Вялікага Княства Літоўскага размаўлялі на многіх мовах, але старабеларуская дзякуючы свайму афіцыйнаму статусу займала ў гэтай дзяржаве асаблівае месца. Паводле версіі літоўскага навукоўца-славіста Сяргеюса Цемчынаса, балты-літоўцы пачалі засвойваць старабеларускую мову яшчэ да таго, як афіцыйна перайшлі ў каталіцызм — стыхійна пераходзячы з паганства ў хрысціянства праваслаўнага ўзору. У выніку ў літоўскую пракраўся і захаваўся дагэтуль прыкметны пласт беларускай рэлігійнай лексікі.

Фото: Flickr / Mantas Volungevicius
Вежа Гедыміна ў Вільнюсе. Фота: Flickr / Mantas Volungevicius

У сучаснай літоўскай налічваецца каля 1000 словаў беларускага паходжання. Сярод іх — agur̃kas (агурок), blogas (благі), kišenė (кішэня), arbatà (гарбата), naimitas (найміт), klápčukas (хлопчык), kvárbas (хвароба) і многія іншыя.

Шматвяковая агульная гісторыя беларусаў і габрэяў пакінула след і ў ідышы. Такія словы літаратурнага ідыша, як «тата», «бэз», «хабар», «вячэра», «жаба», «кат», «шафа», для людзей, якія ведаюць беларускую мову, перакладу не патрабуюць.

Беларусізмы «прапісаліся» таксама ў польскай мове і яе дыялектах. Напрыклад, dziób (дзюба), czaromcha (чаромха), małanka (маланка), harczyca (гарчыца), hoży (гожы, прывабны).

У рускую мову беларусізмы пранікалі за некалькі прыёмаў. Яшчэ ў часы ВКЛ у старарускую мову са старабеларускай трапілі такія словы, як «будка», «баламут», «варта», «витати», «дбати», «здрайца», «зневага». Толькі частка з іх ацалела да цяперашняга часу і выкарыстоўваецца ў сучаснай рускай. Таксама беларусізмы накшталт бульбы, морквы і бурака сустракаюцца ў дыялектах рускай мовы.

Гэта толькі самыя яркія прыклады, асобныя пазычанні можна знайсці і ў іншых мовах.

7. Чаму так мала беларусаў у паўсядзённых зносінах выкарыстоўвае беларускую мову?

Найперш праз палітыку паланізацыі і русіфікацыі на беларускіх землях, якія адбываліся напераменку.

Раней мы ўжо расказвалі пра гэта падрабязна ў асобным тэксце, тут жа каротка адкажам на гэтае пытанне.

У 1569 годзе была заключаная Люблінская унія: ВКЛ аб’ядналася з Польшчай у федэратыўную дзяржаву Рэч Паспалітую. У ёй польская мова пачала выцясняць старабеларускую з афіцыйнага ўжытку. У 1696-м сейм Рэчы Паспалітай забараніў выкарыстоўваць беларускую як дзяржаўную, аддаўшы гэтую ролю польскай мове. Апошняя стала асноўнай мовай арыстакратыі.

У канцы XVIII стагоддзя ў выніку трох падзелаў РП беларускія землі захапіла Расійская імперыя. Пасля гэтага Беларусь зазнала русіфікацыю, якая закранула ўжо не толькі эліты, але і звычайных гараджан.

Разделы Речи Посполитой. Графика: Halibutt, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org
Падзелы Рэчы Паспалітай. Графіка: Halibutt, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org

Калі пасля Першай сусветнай вайны Расійская імперыя распалася, Беларусь падзялілі паміж сабой СССР і Польшча. У заходняй частцы зноў пачалася палітыка паланізацыі, а на ўсходзе спачатку ішла беларусізацыя, якую, зрэшты, да 1929 года савецкія ўлады згарнулі — а супраць дзеячаў беларускай культуры распачалі масавыя рэпрэсіі. У дадатак у 1933 годзе праз рэформу правапісу беларускую мову штучна зблізілі з рускай.

Пасля падзелу Польшчы паміж Германіяй і СССР у 1939 годзе русіфікацыя разгарнулася на ўсёй тэрыторыі нашай краіны. Працягнулася яна і пасля Другой сусветнай вайны, і пасля смерці Сталіна. Наступны лідар Савецкага Саюза Мікіта Хрушчоў у 1959 годзе наведаў Мінск і заявіў, стоячы на прыступках галоўнага корпуса БДУ: «Чем скорее мы все будем говорить по-русски, тем быстрее построим коммунизм».

Дапамагла гэтай мэтаскіраванай русіфікацыі і урбанізацыя, падчас якой беларускамоўныя вясковыя жыхары паступова перабіраліся ва ўжо русіфікаваныя гарады.

Русіфікацыя Беларусі часова прыпынілася пасля таго, як нашая краіна стала незалежнай. У 1990 годзе беларуская мова была абвешчаная адзінай дзяржаўнай, на яе паступова мусіла перакладацца справаводства. А да 2000 года беларускамоўнай мусіла стаць уся сістэма адукацыі і судаводства.

Замена русскоязычных надписей на дорожных указателях на надписи на белорусском языке . Март 1991 года. Фото: О.Сиз, БГАКФФД
Замена рускамоўных надпісаў на дарожных паказальніках на надпісы на беларускай мове. Сакавік 1991 года. Фота: А. Сіз, БДАКФФД

Аднак пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі русіфікацыя Беларусі працягнулася. У 1995 годзе з яго ініцыятывы праз сумнеўны з пункту гледжання закона рэферэндум руская мова стала другой дзяржаўнай. Выцясненне беларускай мовы са сферы адукацыі доўжыцца ўвесь перыяд кіравання палітыка.

8. Ці можа беларуская мова знікнуць?

На жаль, так. Гэта можа адбыцца ўжо да канца XXI стагоддзя.

Гісторыя кожнай мовы, як правіла, вельмі моцна нагадвае жыццёвы шлях арганізма. У нейкі момант яна з’яўляецца, потым развіваецца, часта «дае нашчадкаў» і ўрэшце з розных прычын можа памерці. Паводле ацэнкі ААН, больш чым палова моваў свету з цяперашніх 6000 загіне да канца XXI стагоддзя.

У класіфікацыі ЮНЕСКА нашая мова лічыцца ўразлівай. Гэта значыць, што хоць ёй і валодае большасць жыхароў, яго выкарыстанне вельмі абмежаванае. Гэта пацвярджае сухая статыстыка: калі ў 1994/1995 навучальным годзе па-беларуску ў краіне ​​​​​​​вучылася 40,6% школьнікаў, да 2020/2021 года іх доля скарацілася да 10,2%. У сярэднім у гэты перыяд доля беларускамоўных школьнікаў у Беларусі скарачалася на 1,1% за год. Калі дапусціць, што гэта радыкальна не зменіцца, то ўжо ў 2030-я гады ў краіне практычна не застанецца дзяцей, якія вучацца ў школах на беларускай мове. Пасля гэтага час дажывання мовы як сродку паўнавартасных зносін будзе залежаць ад працягласці жыцця яе апошніх носьбітаў.

9. Ці можна яшчэ выратаваць беларускую мову?

Так, вядома.

Нават тыя з моваў, якія ў нейкі перыяд пачыналі паміраць, часта ўдавалася рэанімаваць і вярнуць да паўнавартаснага жыцця. Беларускую ведаюць мільёны чалавек, і значная іх частка выкарыстоўвае яе ў паўсядзённым жыцці. Мэтаскіраванае выцясненне мовы працягваецца на нашых вачах, але пакуль яна яшчэ вельмі далёкая ад стадыі, якую можна было б назваць незваротнай.

Больш за тое, часам мовы, якія знікаюць, удаецца «рэанімаваць», вярнуўшы літаральна з таго свету — як гэта зрабілі энтузіясты-габрэі з іўрытам, што да моманту свайго адраджэння каля дзвюх тысяч гадоў існаваў толькі як рэлігійная, паэтычная і навуковая мова (накшталт лаціны або санскрыту). У выніку цяпер на некалі мёртвым іўрыце гаворыць большасць 8,3-мільённага насельніцтва блізкаўсходняй краіны і каля мільёна чалавек у іншых дзяржавах. З сітуацыі, у той ці іншай ступені падобнай да цяперашняй беларускай, у розны час удалося адрадзіць чэшскую, польскую, літоўскую, латышскую, эстонскую, нарвежскую, фінскую, украінскую, казахскую, карэйскую і многія іншыя мовы.

Сітуацыя, у якой аказалася беларуская мова пасля больш чым трох дзесяцігоддзяў незалежнасці, выглядае анамальнай. За гэты перыяд нацыі, што атрымалі палітычную самастойнасць, як правіла, адраджалі свае родныя мовы і моцна пашыралі сферу іх ужытку. А ў Беларусі ўсё адбывалася наадварот.

Для паўнавартаснага адраджэння нацыянальнай мовы неабходна, каб інтарэсы ў яе аднаўленні падзяляліся і дзяржавай, і грамадствам. Галоўнай перашкодай на шляху да адраджэння беларускай мовы застаецца менавіта палітыка русіфікацыі, якая праводзіцца дзяржавай і супярэчыць чаканням і памкненням значнай часткі грамадства. У гісторыі Беларусі былі перыяды, калі цікавасць насельніцтва да нацыянальных культуры і мовы супадала з рухам дзяржавы ў тым самым кірунку. І за гэтыя кароткія перыяды беларусізацыі (першы — у 1920−1929 гадах, другі — у 1991−1994) пазіцыі нацыянальнай мовы ўмацаваліся настолькі, што яна здолела захавацца ў значна больш працяглыя перыяды русіфікацыі, якія ішлі за гэтым.

Як паказвае досвед іншых краін і самой Беларусі, для адраджэння беларускай краіне не хапае толькі аднаго — удзелу ў гэтым працэсе дзяржавы, якая пакуль мэтаскіравана сабатуе беларусізацыю і супрацьстаіць ёй.

Чытайце таксама