У харэаграфічным ансамблі «Харошкі» змянілася кіраўніцтва. Мастацкай кіраўніцай калектыву стала Ірына Грушова — пра гэта напісала дзяржаўнае выданне «СБ. Беларусь сегодня». Яе прозвішча таксама з’явілася на сайце калектыву.

Грушова — артыстка балета найвышэйшай катэгорыі, у «Харошках» працуе амаль чвэрць стагоддзя.
Новае прызначэнне азначае, што сваю пасаду страціла Валянціна Гаявая, якая была мастацкай кіраўніцай з моманту стварэння калектыву. 50 гадоў таму, у студзені 1974 года, у Мінску пры Белдзяржфілармоніі пачаў працу ансамбль «Харошкі». Яго стваральнікамі сталі харэографы Валянціна Гаявая і Мікалай Дудчанка. Першая да сёння заставалася нязменнай мастацкай кіраўніцай ансамбля.
За гады працы «Харошкі» сталі адным з сімвалаў краіны, свайго роду візітнай карткай Беларусі. Ансамбль больш за 20 разоў браў удзел у розных міжнародных фестывалях. Выступаў у Даніі, Сірыі, Іярданіі, Фінляндыі, Англіі, Бельгіі, Японіі, Індыі, Італіі, Іспаніі, Польшчы, Германіі, Францыі, ЗША, на Кіпры.
Але ў апошнія гады ансамбль знаходзіцца ў крызісе. У кастрычніку 2020 года «Харошкі» выступілі ў будынку Купалаўскага тэатра, адкуль да гэтага звольнілася практычна ўся трупа.
Валянціне Гаявой сёлета споўніцца 88 гадоў. Яна стала кіраўніцай на 20 гадоў раней, чым да ўлады ў Беларусі прыйшоў Аляксандр Лукашэнка. Той быў абраны прэзідэнтам 30 гадоў таму, у 1994 годзе, і з таго часу застаецца на сваёй пасадзе.
Чытайце таксама


