Ядзерная зброя будзе размешчаная ў Беларусі, нягледзячы на ўвесь шум, які падняўся ў Еўропе і ЗША. Пра гэта СТБ заявіў расійскі пасол Барыс Грызлоў.

Паводле яго словаў, Злучаныя Штаты размясцілі сваю ядзерную зброю ў Італіі, Бельгіі, Нідэрландах, Германіі і Турцыі. Таму Расія мусіць рабіць крокі, якія будуць павышаць бяспеку Саюзнай дзяржавы.
— Расія і Беларусь — гэта тэрыторыя Саюзнай дзяржавы, прычым яна ўзаконеная, у адрозненне ад тэрыторый іншых краін, на якіх ЗША размяшчаюць сваю ядзерную зброю. Гэта проста іх марыянеткі, у нас гэта адзіная прастора, — заявіў Грызлоў.
Паводле яго, тактычная ядзерная зброя, якая размяшчаецца на тэрыторыі Беларусі, «будзе прысунутая да заходніх межаў Саюзнай дзяржавы».
— І гэта будзе зроблена нягледзячы ні на які шум у Еўропе і ў ЗША, — запэўніў Грызлоў.
Нагадаем, 25 сакавіка прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заявіў, што Масква і Мінск дамовіліся размясціць тактычную ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі, пра што «даўно прасіў» Аляксандр Лукашэнка. Паводле прэзідэнта Расіі, будаўніцтва спецыяльнага сховішча для гэтых узбраенняў скончыцца да 1 ліпеня 2023 года.
У NATO раскрытыкавалі Уладзіміра Пуціна за рашэнне адправіць ядзерную зброю ў Беларусь, назваўшы яе парушэннем абавязанняў па кантролі за ўзбраеннямі.
Еўрапейскі саюз прыгразіў адказаць на гэты крок «далейшымі санкцыямі». Кітай у Савеце бяспекі ААН 1 красавіка заклікаў дзяржавы, якія маюць ядзерную зброю, не размяшчаць яе за мяжой, а калі гэта адбылося — вывесці яе адтуль.
Ва Украіне заявілі, што ацэньваюць гэтую заяву як чарговы шантаж з боку Расіі, спробу напалохаць іншыя дзяржавы і змусіць да дыялогу на ўмовах РФ.