Гранаты са слезацечным газам, удар па штабе дэсантна-штурмавой брыгады, што не так з планамі па новым наступе. Галоўнае са зводак
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


У Мінабароны Расіі заявілі, што ў Краснагораўцы Данецкай вобласці нанеслі ўдар па штабе 79-й дэсантна-штурмавой брыгады УСУ. Ва ўкраінскім Генштабе сцвярджаюць, што ў раёне пасёлка Вадзяное расійскія войскі выкарыстоўвалі аэразольныя слезацечныя гранаты К-51. У амерыканскім Інстытуце па вывучэнні вайны зноў аналізуюць магчымы буйны наступ РФ, называючы яго немінучым.

Расказваем пра галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 350-ы дзень вайны ва Украіне.

Генштаб УСУ: знішчылі расійскія штурмавік Су-25 і верталёт Мі-24

Расійскія войскі, спрабуючы ўзяць пад поўны кантроль Данецкую і Луганскую вобласці, па-ранейшаму канцэнтруюць асноўныя намаганні на вядзенні наступальных дзеянняў на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Навапаўлаўскім напрамках у раёнах Крамянной, Бахмута, Аўдзееўкі, Вопытнага, Мар'інкі і Вуглядара. Пры гэтым расіяне нясуць значныя страты, асабліва ў жывой сіле. Пра гэта паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы.

— Цянам сутак праціўнік нанёс восем ракетных (пяць з іх — па цывільнай інфраструктуры Харкава) і 21 авіяцыйны ўдар. Правёў 39 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню, у прыватнасці, па цывільнай інфраструктуры Мікалаеўскай і Херсонскай абласцей. Пашкоджаныя жылыя дамы.

— На Валынскім, Палескім, Северскім і Слабажанскім напрамках абстрэлам падвергліся раёны 19 населеных пунктаў; на Купянскім і Ліманскім напрамках пад агнявое ўздзеянне трапілі раёны больш чым 40 населеных пунктаў; на Бахмуцкім — больш за 30; на Аўдзееўскім і Навапаўлаўскім напрамках пад танкавыя, мінамётныя і артылерыйскія абстрэлы трапілі восем населеных пунктаў, пад авіяцыйныя — тры населеныя пункты; на Запарожскім напрамку агнявому паражэнню падвергліся раёны больш чым 30 населеных пунктаў; на Херсонскім напрамку пацярпелі 17 населеных пунктаў.

 — За мінулыя суткі падраздзяленні Сіл абароны Украіны адбілі атакі расійскіх войскаў у раёнах населеных пунктаў Навасёлаўскае, Чырвонапапоўка, Шыпілаўка і Белагораўка Луганскай вобласці і Верхнякаменскае, Фёдараўка, Арэхава-Васільеўка, Дубова-Васільеўка, Спорнае, Выемка, Бахмут, Чырвоная Гара, Параскавіеўка, Іванаўскае, Часаў Яр, Каменка, Вадзяное, Першамайскае, Краснагораўка, Аўдзееўка, Мар'інка і Багаяўленка Данецкай вобласці.

— Авіяцыя Сіл абароны за мінулыя суткі нанесла 12 удараў па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу і ваеннай тэхнікі расіян і два ўдары па пазіцыях іх зенітна-ракетных комплексаў.

— Украінскія абаронцы знішчылі расійскі штурмавік Су-25, верталёт Мі-24 і два БПЛА тыпу «Арлан».

— Артылерысты і ракетчыкі пабілі два пункты кіравання праціўніка, сем раёнаў канцэнтрацыі жывой сілы і склад боепрыпасаў.

«У раёне Вадзянога расійскія захопнікі скідалі з БПЛА на пазіцыі нашых войскаў аэразольныя слезацечныя гранаты несмяротнага дзеяння К-51», — заявілі ў Генштабе УСУ.

Мінабароны РФ: у Данецкай вобласці ўдарылі па штабе дэсантна-штурмавой брыгады УСУ

У Міністэрстве абароны Расіі заявілі, што ў Харкаве нанеслі ўдар па цэхах прадпрыемства, «у якіх ажыццяўлялася мадэрнізацыя беспілотных лётных апаратаў і баражыравальных боепрыпасаў».

— На Купянскім напрамку авіяцыя і артылерыя «Заходняй» групоўкі войскаў нанеслі паражэнне жывой сіле і тэхніцы падраздзяленняў 14-й і 92-й механізаваных брыгад УСУ ў раёнах населеных пунктаў Альшана, Першатраўневае, Крухмальнае, Бераставое Харкаўскай вобласці і Навасёлаўскае Луганскай вобласці. За суткі на гэтым напрамку знішчаныя больш за 35 ўкраінскіх вайскоўцаў, адзін бронетранспарцёр і аўтамабіль.

— На Чырвона-Ліманскім напрамку ў выніку ўдараў авіяцыі, артылерыі і цяжкіх агнямётных сістэм групоўкі войскаў «Цэнтр» нанесенае паражэнне канцэнтрацыі жывой сілы і тэхнікі падраздзяленняў 66-й механізаванай, 25-й паветрана-дэсантнай, 95-й дэсантна-штурмавой і 81-й аэрамабільнай брыгад УСУ ў раёнах населеных пунктаў Стальмахоўка, Чырвонапапоўка, Чырвоная Дзіброва, Кузьміно Луганскай вобласці і Церны Данецкай вобласці. Знішчаныя звыш 130 украінскіх вайскоўцаў, баявая машына пяхоты, тры баявыя браніраваныя машыны, устаноўка РСЗА «Град», а таксама склад боепрыпасаў 66-й механізаванай брыгады УСУ ў раёне населенага пункта Падлімана Харкаўскай вобласці.

— На Данецкім напрамку ў выніку наступальных дзеянняў штурмавых атрадаў і агнявога паражэння «Паўднёвай» групоўкі войскаў за суткі знішчаныя больш за 140 украінскіх вайскоўцаў, адзін танк, тры пікапы, тры аўтамабілі, а таксама гаўбіца «Мста-Б». Акрамя таго, у раёнах населеных пунктаў Аўдзееўка і Славянск Данецкай вобласці знішчаныя два склады боепрыпасаў УСУ.

— На Паўднёва-Данецкім напрамку авіяцыя і артылерыя групоўкі войскаў «Усход» нанеслі паражэнне падраздзяленням 72-й механізаванай, 1-й танкавай і 35-й брыгады марской пяхоты УСУ ў раёнах населеных пунктаў Вуглядар і Вадзяное Данецкай вобласці. За суткі на гэтым напрамку знішчаныя да 75 украінскіх вайскоўцаў, адзін танк, баявая машына пяхоты, тры баявыя браніраваныя машыны і два аўтамабілі. У раёнах населеных пунктаў Новаміхайлаўка, Вуглядар і Дабраволле Данецкай вобласці агнём артылерыі знішчаныя тры склады боепрыпасаў і гаручага УСУ.

— На Херсонскім напрамку ў раёне населенага пункта Ольгаўка Херсонскай вобласці ў рамках контрбатарэйнай барацьбы знішчаны мінамётны разлік УСУ.

Усяго за суткі, паводле МА РФ, нанесенае паражэнне 74 артылерыйскім падраздзяленням УСУ, жывой сіле і ваеннай тэхніцы ў 123 раёнах. У раёне населенага пункта Краснагораўка Данецкай вобласці пабіты штаб 79-й дэсантна-штурмавой брыгады УСУ. Збітыя 11 рэактыўных снарадаў сістэмы залпавага агню HIMARS, а таксама знішчаныя дзесяць беспілотных лётных апаратаў.

Інстытут па вывучэнні вайны: у РФ недастаткова баявой моцы для буйнога наступу

У ISW зноў заяўляюць, што Расія рыхтуецца да «немінучага наступу» ва Украіне ў найбліжэйшыя месяцы, аднак ваеннае камандаванне, імаверна, спяшаецца пачаць буйнамаштабную наступальную аперацыю па захопе Данецкай вобласці ў нерэальныя тэрміны і, магчыма, без дастатковай баявой моцы.

Эксперты спасылаюцца на звесткі разведкі Вялікабрытаніі, якая адзначала, што Расія, хутчэй за ўсё, спрабавала пачаць буйную наступальную аперацыю выхаду на адміністрацыйныя межы Данецкай вобласці яшчэ з пачатку студзеня 2023 года, але ёй удавалася адваёўваць толькі некалькі сотняў метраў тэрыторыі за тыдзень. Такі павольны тэмп тлумачыцца недахопам у Расіі боепрыпасаў і адсутнасцю манеўраных частак. Расія наўрад ці зможа нарасціць баявую моц, неабходную для істотнага ўплыву на вынік вайны, у той час як расійскае ваеннае камандаванне працягвае патрабаваць нерэалістычных і імклівых наступаў, кажуць у Мінабароны Брытаніі, і ў ISW з гэтымі ацэнкамі згодныя.

Няздольнасцю Расіі вытрымаць хуткую і шматбаковую рашучую наступальную аперацыю ў акрэсленыя тэрміны занепакоеная і расійская нацыяналістычная інфармацыйная прастора, адзначаюць эксперты. Так, расійскія ваенныя блогеры раяць ваеннаму камандаванню не распыляць сілы, як гэта было ў першыя дні вайны, а засяродзіцца на паступовым наступленні, якое прывядзе да вялікіх стратаў сярод украінскіх сілаў і парушыць іх тылавое забяспечанне.

Звярнулі ўвагу ў Інстытуце і на заяву ўкраінскай разведкі пра тое, што расійскі «Газпрам» можа ствараць свае ўласныя сілы бяспекі. Там лічаць, што гэта робіцца з мэтай падарваць ролю прыватных ПВК і нармалізаваць ваенізаваныя фармаванні, звязаныя з дзяржавай. Хоць для дзяржаўных і прыватных энергетычных кампаній не ёсць чымсьці незвычайным стварэнне ўласных сіл бяспекі, стварэнне гэтай ПВК звязанае з напружанасцю паміж Крамлём і ўладальнікам ПВК Вагнера Яўгенам Прыгожыным. Расія можа выкарыстаць сілы бяспекі «Газпрама» не толькі для абароны расійскіх энергетычных актываў, кажуць эксперты.

На што яшчэ звярнулі ўвагу аналітыкі:

  • расійскія сілы правялі абмежаваныя наземныя атакі ў раёне Сватава і Крамянной;
  • расійскія войскі працягвалі наземныя атакі вакол Бахмута;
  • расійскія войскі не дамагліся пацверджаных тэрытарыяльных заваёваў на паўднёвым напрамку;
  • расійскія афіцыйныя асобы, падобна, інвестуюць у чыгуначную інфраструктуру, каб павысіць эфектыўнасць ваеннай лагістыкі;
  • паведамляецца, што Мінабароны Расіі прапануе законапраект, які дазваляе ўсім вайскоўцам, уключаючы прызыўнікоў, добраахвотна ўдзельнічаць у расійскіх міратворчых місіях.