Як мінімум 33 маракі лічацца зніклымі без вестак пасля ўдару УСУ па дэсантным караблі «Новачаркаск» у порце анексаванай Феадосіі. Пра гэта са спасылкай на ўласныя крыніцы паведамляе тэлеграм-канал Astra.

Паводле звестак выдання, у момант атакі ў ноч на 26 снежня на караблі знаходзілася 77 маракоў. Акрамя зніклых без вестак, 19 маракоў атрымалі раненні.
На месцы атакі былі знойдзеныя абломкі крылатай ракеты Storm Shadow.
Нагадаем, у ноч на 26 снежня УСУ нанеслі ўдар па порце акупаванай Феадосіі, камандуючы Паветранымі сіламі заявіў пра знішчэнне буйнога дэсантнага карабля «Новачаркаск». Удар наносіла тактычная авіяцыя крылатымі ракетамі паветранага базавання.
У Міністэрстве абароны Расіі заявілі, што дэсантны карабель «Новачаркаск» атрымаў пашкоджанні «падчас адбіцця ўдару УСУ з выкарыстаннем авіяцыйных кіравальных ракет».
Кіраўнік акупацыйнай адміністрацыі Крыма Сяргей Аксёнаў паведаміў, што ў выніку атакі загінуў адзін чалавек, двое параненыя.