Крыніца Бі-бі-сі: «Двое ўдзельнікаў нападу на „Крокус Сіці Хол“ былі забітыя»
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Крыніца Бі-бі-сі, знаёмая з ходам аперацыі пошуку нападнікаў на «Крокус Сіці Хол», сцвярджае, што як мінімум двое з іх былі забітыя. Адзін — у самой глядацкай зале, а другі — у Бранскай вобласці, дзе сілавікі спынілі Renault белага колеру.

Обстановка вокруг "Крокус Сити Холла" после теракта 22 марта 2024 года. Фото: Reuters
Абстаноўка вакол «Крокус Сіці Хола» пасля тэракту 22 сакавіка 2024 года. Фота: Reuters

Пашпарт забітага ў Бранскай вобласці ёсць у распараджэнні Бі-бі-сі, гэта 30-гадовы грамадзянін Таджыкістана. «Нам вядомае імя гэтага чалавека, але мы яго не публікуем, пакуль у нас не будзе ўпэўненасці, што яго сям’я ведае пра ягоную гібель», — піша выданне.

Пашпарт яму выдалі ва ўпраўленні МУС па горадзе Вахдат, які знаходзіцца за 19 кіламетраў ад Душанбэ. Нейкі час ён жыў у Падольску — у 2018 годзе гарадскі суд Падольска вынес пастанову, што ён парушыў правілы знаходжання ў Расійскай Федэрацыі — перавысіў 90-дзённы тэрмін. Яго аштрафавалі на 5000 рублёў і абавязалі да «кантраляванага самастойнага выезду» з Расіі.

Мяркуючы з усяго, гэта было не першае правапарушэнне гэтага чалавека: раней на яго пачалі выканаўчую вытворчасць — прыставы спрабавалі спагнаць з яго 2,5 тысячы рублёў.

У распараджэнні Бі-бі-сі ёсць таксама копія дакумента Шамсідзіна Фарыдуні, відэазапіс допыту якога сёння распаўсюдзілі расійскія сілавікі і які быў затрыманы падчас аперацыі ў Бранскай вобласці. Фарыдуні нарадзіўся 17 верасня 1998 года, свой цяперашні пашпарт атрымаў у Таджыкістане ў 2021 годзе, і ён быў у яго сапраўдны да 2031 года.

Нагадаем, увечары 22 сакавіка невядомыя мужчыны, узброеныя аўтаматамі, уварваліся ў будынак Crocus City Hall у падмаскоўным Краснагорску і адкрылі агонь. Паводле звестак СК Расіі, у выніку нападу загінулі 133 чалавекі. Раніцай 23 сакавіка кіраўнік ФСБ Аляксандр Бортнікаў далажыў Пуціну пра затрыманне 11 чалавек, у тым ліку ўсіх чатырох тэрарыстаў, якія нібыта непасрэдна ўдзельнічалі ў тэракце ў «Крокусе». Ён сцвярджаў, што «пасля ўчынення тэракту злачынцы збіраліся перайсці расійска-ўкраінскую мяжу, мелі адпаведныя кантакты на ўкраінскім баку».