У Крамлі вызначыліся са сваім кандыдатам на выбарах прэзідэнта Беларусі 2025 года
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


У Крамлі падтрымалі кандыдатуру Аляксандра Лукашэнкі на выбарах прэзідэнта Беларусі, якія прызначаныя на 26 студзеня. Пра гэта паведаміў ТАСС прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў.

Владимир Путин. Москва, Россия, 4 ноября 2022 года. Фото: Reuters
Уладзімір Пуцін. Масква, Расія, 4 лістапада 2022 года. Фота: Reuters

Спікер адзначыў, што ў Маскве будуць «вельмі ўважліва сачыць за ходам выбарчай кампаніі».

— Я ўпэўнены, што ўсе будуць падтрымліваць у Расіі менавіта кандыдатуру Аляксандра Рыгоравіча. Тут наўрад ці могуць быць нейкія сумневы, — сказаў Пяскоў, падкрэсліўшы, што выбары «ў любым выпадку абсалютная справа Беларусі».

Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка 23 кастрычніка ў інтэрв'ю расійскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай адказаў на пытанне пра свой удзел у блізкіх прэзідэнцкіх выбарах.

— Так, Воля, пайду на выбары прэзідэнта, — адказаў Лукашэнка.

На што расіянка Скабеева заявіла:

— Мы вас падтрымаем.

— Тады дакладна пайду! — дадаў Лукашэнка.

Пазней прэс-сакратар палітыка Наталля Эйсмант назвала гэты адказ «не настолькі адназначным».

— Прэзідэнту задалі пытанне — ён адказаў. Прычым адказ быў не настолькі адназначны. Ён сказаў: «Калі прыхільнікі скажуць і сітуацыя ў Беларусі так будзе складвацца, то [Лукашэнка] будзе вылучаць сваю кандыдатуру, — удакладніла Эйсмант.

Раней Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што не будзе «пасінелымі пальцамі за крэсла трымацца», калі народ яму адмовіць у даверы.

— Дык вось, я вам скажу галоўнае (проста вярну вас у тое, пра што заўсёды казаў): я ўжо напрацаваўся, я ўжо наеўся гэтай прэзідэнцкай долі. Я ў гэтай прэзідэнцкай кампаніі не таму, што, учапіўшыся, трымаюся за гэтае крэсла пасінелымі пальцамі. Я найлепшыя гады свайго жыцця, як і многія з вас, аддаў будаўніцтву гэтай краіны. Як маглі, як мог, так і будавалі, — казаў Лукашэнка ў ліпені 2020 года.

Пасля таго як тысячы людзей, не згодных з вынікамі выбараў, выйшлі на вуліцы, у краіне пачаліся масавыя рэпрэсіі.

23 кастрычніка 2020 года былы апазіцыянер, а цяпер праўладны палітолаг Юрый Васкрасенскі ў інтэрв'ю расійскай газеце «Комсомольская правда», заявіў, што падчас сустрэчы з затрыманымі апанентамі палітыка, якая прайшла ў СІЗА восенню 2020 года, Лукашэнка кляўся, што цяперашні тэрмін для яго будзе апошнім.

— Ён адказаў: «Я даю вам слова, што гэта мой апошні тэрмін. Я клянуся сваімі дзецьмі». Гэта цытата, — заявіў Васкрасенскі.