Перамовы паміж ЗША і Украінай у Саудаўскай Аравіі 23 сакавіка датычылі дзвюх тэмаў: спыненне агню на моры і вяртання ўкраінскіх ваеннапалонных і цывільных, у тым ліку дзяцей. Цяпер украінская дэлегацыя застаецца ў Эр-Рыядзе, каб пасля заканчэння асобных перамоваў паміж дэлегацыямі ЗША і РФ правесці чарговы раўнд кансультацый з ЗША. Пра гэта ў эфіры ўкраінскага тэлемарафона расказаў дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Сяргей Лешчанка.

Лешчанка заявіў, што ў нядзелю на сустрэчы ў Саудаўскай Аравіі абмяркоўвалася спыненне абстрэлу ўкраінскіх партоў.
«Гэта інфраструктура і бяспека суднаходства. І гаворка ішла пра ўзаемнае спыненне агню. Мы не атакуем іх аб’ектаў на моры, у тым ліку рачных аб’ектаў. Яны не атакуюць нашых аб’ектаў і нашых партоў — Херсонскі, Мікалаеўскі і парты вялікай Адэсы, каб функцыянавалі», — прыводзіць словы чыноўніка УНІАН.
Таксама, паводле Лешчанкі, гаворка ішла пра неабходнасць вяртання ўкраінскіх дзяцей і пра абмен украінскіх ваеннапалонных і цывільных.
Лешчанка назваў перамовы тэхнічнымі, заявіўшы, што хуткага выніку ад іх чакаць не варта: «Перамовы — гэта не адзін дзень, гэта часам месяцы, а некаторыя перамовы, як блізкаўсходняе ўрэгуляванне, доўжацца гадамі».
«Проста мусім разумець, што сустрэчы будуць дастаткова рэгулярныя, і не кожная сустрэча заканчваецца публічнымі заявамі», — адзначыў Лешчанка.
Адказваючы на пытанне, ці можна чакаць нейкіх канкрэтных вынікаў да Вялікадня, 20 красавіка (СМІ пісалі, што Дональд Трамп хоча, каб перамір'е было заключанае да даты, калі праваслаўныя і каталікі будуць адзначаць Вялікдзень) Лешчанка сказаў, што размовы пра спыненне агню доўжацца ўжо два тыдні.
«То-бок Вялікдзень як сімвал — гэта вельмі добра, але ў рэаліях вайны гэта неабавязкова можа спрацаваць. Калі не прыпыненне агню на сушы, то хаця б прыпыненне агню па інфраструктуры і па энергетыцы — гэта таксама нядрэнна», — адзначыў Лешчанка. Ён дадаў, што нельга спрагназаваць, як будуць праходзіць перамовы: цяпер Расія ўвесь час кажа «не» і высоўвае ўльтыматумы.
«Мы мусім быць настроеныя, што хочам міру, але гэта неабавязкова адбудзецца заўтра», — адзначыў дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны.
Нагадаем, сёння ў Саудаўскай Аравіі праходзяць раздзельныя перамовы з дэлегацыямі Расіі і Украіны, якія спецпасланнік Трампа па Украіне Кіт Келаг назваў «чаўночнай дыпламатыяй». Праводзяць іх пасярэднікі з ЗША.
Чакаецца, што ключавым пытаннем новага раўнда перамоваў стане 30-дзённая адмова ад удараў па энергетычнай інфраструктуры. ЗША таксама спрабуюць распаўсюдзіць перамір'е на суднаходства ў Чорным моры.