У буйным міжнародным судзе ICSID у канцы сакавіка працягнуліся разбіральніцтвы па пазове літоўскіх інвестараў да Беларусі. Гаворка пра кампаніі Pavilniu saules slenis і Modus grupe, якія не змаглі рэалізаваць інвестпраект па ўзвядзенні гатэля каля аэрапорта «Мінск». Сярод адказчыкаў раней называліся прэзідэнт Беларусі і прэм’ер-міністр (былі пазначаныя пасады, а не канкрэтныя людзі), а таксама Мінгарвыканкам.

ICSID — найбуйнейшая ў свеце арганізацыя, якая займаецца ўрэгуляваннем міжнародных інвестыцыйных спрэчак. Суд, заснаваны пад эгідай Сусветнага банка, — асноўны форум для ўрэгулявання міжнародных інвестыцыйных спрэчак, якія ўзнікаюць у адпаведнасці з міжнародным правам. Рашэнне ICSID абавязковае і падлягае неадкладнаму выкананню.
ICSID працягвае разглядаць пазоў дзвюх літоўскіх кампаній, Pavilniu saules slenis і Modus grupe, да Беларусі, яго падалі ў пачатку 2021 года. Прадмет пазову — праект будаўніцтва гатэля. Як раней паведамляў рэсурс Reform.by, спрэчка датычыць праекта па будаўніцтве гатэля каля аэрапорта «Мінск». Адказчыкамі па пазове былі названыя прэзідэнт Беларусі, прэм’ер-міністр краіны (пазначаныя пасады, а не канкрэтныя людзі), а таксама Мінгарвыканкам.
Як паведамляецца на сайце ICSID, 25−30 сакавіка гэтага года трыбунал гэтага суда праводзіў слуханні па юрысдыкцыі і сутнасці справы асабіста ў Лондане і па відэаканферэнцыі. Статус разбіральніцтва — «у чаканні». Да гэтага 27 лютага трыбунал праводзіў папярэднюю арганізацыйную нараду з бакамі ў рэжыме відэаканферэнцыі. А яшчэ раней — 11 снежня 2022 года — адказчык накіроўваў у суд пярэчанне па сутнасці.
Пра які гатэль гаворка
Пра будаўніцтва гатэля ля аэрапорта ў 2014 годзе паведамляў Анатоль Калінін, які на той момант займаў пасаду віцэ-прэм'ера. Паводле яго словаў, гатэль мусіў будаваць беларускі інвестар, якога абраў Мінгарвыканкам. Будаўніцтва мусілі пачаць у 2015 годзе, а яго заканчэння Калінін чакаў у 2016-м. У верасні 2020 года гендырэктар аэрапорта пацвярджаў наяўнасць інвестара, які мусіў прыступіць у 2021 годзе да ўзвядзення гатэля на прывакзальнай тэрыторыі. Назва інвестара не раскрывалася.
Беларускі ўрад у сакавіку 2021 года выпусціў пастанову, у якой вызначыў Мінэканомікі і Мінгарвыканкам прадстаўнікамі Саўміна пры разглядзе справы па пазове літоўскіх кампаній у Міжнародным цэнтры па ўрэгуляванні інвестыцыйных спрэчак. На Мінгарвыканкам легла таксама аплата выдаткаў па абароне інтарэсаў краіны ў гэтым судовым разглядзе.