Лукашэнка прызначыў новага намесніка кіраўніка сваёй адміністрацыі. Ён будзе курыраваць «інфармацыйную вось гэтую сферу наогул у краіне»
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Аляксандр Лукашэнка 8 красавіка прызначыў новага намесніка кіраўніка сваёй адміністрацыі, паведаміла прэс-служба палітыка.

Владимир Перцов. Фото: БЕЛТА
Уладзімір Пярцоў. Фота: БЕЛТА

Дагэтуль Уладзімір Пярцоў працаваў на пасадзе міністра інфармацыі Беларусі.

— Ідэалагічная праца сёння выходзіць на першы план. І прынятае рашэнне пра скіраванне вас у адміністрацыю прэзідэнта на пасаду кіраўніка інфармацыйнай вось гэтай сферы наогул у краіне. Прызначаючы тут намесніка кіраўніка адміністрацыі па эканоміцы (вы, напэўна, адсачылі), я яму казаў, што нам трэба неяк сканцэнтравацца і вывесці, выбудаваць піраміду. Шмат спецыялістаў добрых — міністэрствы, ведамствы, ва ўрадзе — і вывесці на намесніка адміністрацыі прэзідэнта працу ў эканоміцы. Дакладна гэтак жа трэба падцягнуць, прывесці ў парадак сродкі масавай інфармацыі ўсе, ідэалагічную працу і вывесці на намесніка кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта. Можа, нават мець камісію нейкую пад сваім кіраўніцтвам, каб параіцца, своечасова адрэагаваць, — цытуе Лукашэнку БЕЛТА.

Адзначым, што ў адміністрацыі Лукашэнкі ўсё яшчэ застаецца вакантнай пасада кіраўніка ведамства. Раней крэсла займаў Ігар Сяргеенка. Аднак 29 сакавіка Лукашэнка зняў яго з пасады. Гэта адбылося пасля таго, як Ігар Сяргеенка стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па Пастаўскай акрузе № 29. Паводле закона дзейны дэпутат не можа быць чальцом урада (кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі ўваходзіць у Савет Міністраў).

Да прызначэння ў адміністрацыю Лукашэнкі Уладзімір Пярцоў быў міністрам інфармацыі. Гэтую пасаду ён займаў з красавіка 2021 года. Падчас прызначэння кіраўніком Мінінфарма Пярцоў прыгразіў «расставіць кропкі над „i“ ў медыясферы».

— Казаць пра тое, што Міністэрства інфармацыі ператворыцца ў нейкі рэпрэсіўны орган, які будзе займацца выключна вышукваннем нейкіх момантаў і пераследам выданняў або асобных журналістаў, не зусім слушна, — заявіў Пярцоў.

Пасля гэтага ў Беларусі пачалі масава блакаваць незалежныя СМІ, уключаць іх публікацыі ў спіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў МУС, а рэдакцыі прызнаваць «экстрэмісцкімі» фармаваннямі.

У мінулым Пярцоў працаваў на кіраўнічых пасадах выключна ў прапагандысцкіх выданнях: РТР-Беларусь, СТБ, «Мир», тэлерадыёкампанія «Гродна».